ПЯЧА́ТНАЯ ПЛА́ТА,

пласцінка з электраізаляцыйнага матэрыялу (гетынаксу, тэксталіту, керамікі і інш.), на паверхню якой фотахімічным ці інш. спосабам нанесены тонкія электраправодныя дарожкі (пячатныя праваднікі) з кантактнымі пляцоўкамі для далучэння навясных электра- і радыёэлементаў, у т. л. мікрамодуляў і інтэгральных схем.

Бываюць адна- і двухбаковыя, адна- і шматслойныя П.п. Прызначаюцца для пячатнага мантажу, пры якім на П.п. ўстанаўліваюцца элементы электроннай апаратуры (транзістары, дыёды, рэзістары і інш.). Для замацавання навясных элементаў на плаце іх вывадныя пляцоўкі сумяшчаюць з кантактнымі пляцоўкамі П.п. (паверхневы мантаж) ці ўстаўляюць вывады гэтых элементаў у спец. адтуліны, якія праходзяць праз кантактныя пляцоўкі (драцяны мантаж), і прыпайваюць да іх. Такі мантаж дазваляе зменшыць габарыты і масу апаратуры, выкарыстоўваць механізаванае і аўтаматызаванае абсталяванне і высокапрадукцыйныя тэхнал. працэсы пры яе масавай вытв-сці. Гл. таксама Пячатная схема.

т. 13, с. 178

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)